СО́НЕЧНЫ ГАДЗІ́ННІК,

прылада для вызначэння дзённага часу па Сонцы; адзін з найб. старажытных гадзіннікаў. Па ценю, што адкідваецца пласцінай (стрыжнем) на цыферблат, вызначаецца сапраўдны сонечны час з дакладнасцю некалькіх мінут. Вядомы з 3-га тыс. да н.э.; у наш час выкарыстоўваецца ў дэкар. мэтах (для ўпрыгожвання садоў, паркаў), аднаўляецца ў гіст. месцах.

Адрозніваюць С.г. экватарыяльныя (плоскасць цыферблата паралельная плоскасці нябеснага экватара), гарызантальныя (цыферблат гарызантальны) і вертыкальныя (цыферблат вертыкальны, размяшчаецца звычайна на сценах збудаванняў). Ва ўсіх тыпах С.г. стрыжань (край пласціны), што адкідвае цень, арыентаваны паралельна восі свету і перасякае цыферблат у яго цэнтры; дзяленне цыферблата, адпаведнае поўдню, знаходзіцца ў плоскасці мерыдыяна, што праходзіць праз гэты цэнтр.

С.​В.​Багдановіч.

Сонечны гадзіннік.

т. 15, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)